НАРКАТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, наркотыкі,

група псіхатропных сродкаў прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць узбуджэнне ці прыгнечанне функцыі ц. н. с., парушаюць свядомасць і пры сістэматычным ужыванні выклікаюць паталаг. залежнасць (наркаманію). Многія расл. сродкі, што валодаюць падобным дзеяннем (напр., блёкат, дурнап’ян, каноплі, какаінавы куст, красаўка, опійны мак, некат. віды грыбоў), выкарыстоўваліся з глыбокай старажытнасці для выклікання асаблівага псіхічнага ўздыму, уздзеяння на псіхіку людзей. Лекары ўжывалі гэтыя рэчывы для абязбольвання. Тэрмін «Н.с.» ўведзены ў мед. практыку з вынаходствам наркозу (1846). У канцы 19 ст. пад ім аб’ядноўвалі рэчывы, якія выклікаюць у людзей своеасаблівае парушэнне псіхічнай дзейнасці — эйфарыю і могуць прывесці да злоўжывання імі. Паводле міжнар. класіфікацыі вылучаюць: сродкі адурманьваючага ўздзеяння, сродкі для інгаляцыйнага (напр., хлараформ, дыэтылавы эфір, закіс азоту) і неінгаляцыйнага (напр., гексенал, кетамін) наркозу, наркатычныя анальгетыкі (напр., гераін, кадэін, марфін), мясц. анестэтыкі (напр., какаін), псіхастымулятары (напр., амфетамін), галюцынагены (напр., дыэтыламід лізергінавай к-ты — ЛСД). Тэрмін «Н.с.» ўжываюць таксама ў наркалогіі, міжнар. дагаворах, нац. заканадаўствах, што рэгламентуюць кантроль за вытв-сцю і выкарыстаннем рэчываў, здольных выклікаць наркаманію. Паводле Канвенцыі ААН 1988 у Н.с. ўключаюць рэчывы, якія адпавядаюць 3 крытэрыям: мед. (здольнасць выклікаць наркаманіі і быць небяспечнымі для здароўя), сац. (адмоўнае ўздзеянне на эканам., культ. і паліт. асновы грамадства) і юрыд. (афіц. прызнанне рэчыва «наркатычным» адпаведным грамадскім органам).

М.К.Кеўра, А.І.Скугарэўская.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)